Гучанне роднага слова

26.2.2014
Сустрэчы з сучаснымі беларускімі мастакамі слова—паэтамі, пісьменнікамі—сталі добрай традыцыяй у Азярцоўскай школе.
У межах святкавання Міжнароднага дня роднай мовы 25 лютага ў актавай зале адбылася сустрэча вучняў  з дзіцячым паэтам, паэтам-песеннікам Уладзімірам Мінавічам Мазго. Паэт  узгадаў  сваё дзяцінства,   падзяліўся  са  слухачамі юнацкімі марамі. А марыў ён стаць мараком дальняга плавання. Вершы пачаў пісаць яшчэ ў школьныя гады, але нікому не паказваў і нават не думаў тады, што гэта і будзе яго асноўным заняткам на ўсё жыццё.
Асабліва плённым  як  паэта-песенніка  стала яго супрацоўніцтва з эстраднымі выканаўцамі:  Інай Афанасьевай, Анатолем Ярмоленкам, Якавам Навуменкам. Песні на словы Уладзіміра  Мазго гучаць у іх выкананні  на тэлебачанні і на радыё. Павага да народнай песні, захапленне яе лірызмам стала асновай для творчага супрацоўніцтва з ансамблямі “Сябры”  і  “Бяседа”. У пацверджанне сваіх слоў паэт паказаў відэазапісы канцэртаў, на якіх выконваліся песні, напісаныя на яго словы.
У паэтычнай скарбонцы дзіцячых твораў Уладзіміра Мазго—вершы рознай тэматыкі:  і пацешкі, і лічылкі, і забаўлянкі. Асобны раздзел—вершы-загадкі, над якімі госць  запрасіў ”памазгаваць” і нашых вучняў. Так, так, менавіта “памазгаваць”! Гэты дзеяслоў-запрашэнне “знайшоўся” неяк сам сабою і натхніў на стварэнне цэлага раздзела загадак. “Прозвішча маё Мазго, —дзеліцца знаходкай паэт, —і слова “мазгаваць” з такім жа корнем. Так і з’явілася ў мяне задума складаць вершаваныя загадкі, адгадкамі на якія сталі спецыфічныя беларускія словы: бусел, абрус, сланечнік … Двайная карысць дзеткам: і загадкі вучыцца разгадваць, каб кемлівымі быць, і  словы беларускія запамінаць”.

Найбольш  дапытлівым слухачам не хацелася  развітвацца,  і яны задавалі пытанні Уладзіміру Мінавічу. Самым цікавым для яго стала пытанне,  ці цяжка пісаць для дзяцей і як паэт вызначае, ці спадабаецца верш маленькім чытачам.  І адказ таксама не пакінуў раўнадушнымі слухачоў:  “Дзеці—своеасаблівыя чытачы, —сказаў паэт,—іх цяжка зацікавіць, а падманваць, быць няшчырым з дзецьмі—гэта проста злачынства.  Лепшым “ экспертам якасці твораў” для мяне спачатку быў сын, а потым сталі ўнукі. Калі ім вершы не падабаліся, то я і не аддаваў  іх у друк.Таму, каб пісаць для дзяцей, трэба заставацца   самому ў душы дзіцем, глядзець на свет вачыма дзіцяці і не стамляцца адкрываць яго для сябе кожны раз нанова”.

 Размова з дзецьмі прайшла ў цёплай, сяброўскай атмасферы.  Падчас развітання  на ўспамін  аб  сустрэчы паэт пакінуў усім жадаючым  аўтограф.