25.1.2013
Семінар настаўнікаў беларускай мовы

22 студзеня ў нашай школе адбыўся раённы семінар настаўнікаў беларускай мовы на тэму “Сістэма работы настаўніка беларускай мовы па развіцці вуснага і пісьмовага маўлення вучняў”. У правядзенні семінара вялікую дапамогу настаўнікам школы аказалі вучні. На першым уроку ў актавай зале вучні 5”А” класа прадставілі ўвазе настаўнікаў Мінскага раёна выразнае чытанне ўрыўкаў паэмы Якуба Коласа “Міхасёвы прыгоды”.

Стараліся ўсе, але асабліва па-майстэрску чыталі свае ўрыўкі Селіванава Ліза, Амяльчэня Лёва, Забаронак Савелій, Кузьміна Насця.

 Вялікі дзякуй хочацца сказаць вядучым праграмы – Паўловіч Паліне і Багдановічу Жэню. Яны ў каторы раз паказалі сваё майстэрства выразнага чытання. А яшчэ на сцэну выйшлі самі… Дамавік з Дамавухай! Апрануты яны былі ў шыкоўныя строі канца 16 стагоддзя. На галаве ў Дамавіка быў саламяны капялюш, а Дамавуха так шчыра ўсміхалася Дамавіку, што той парой губляўся ад такой увагі. Ніхто ў нашай школе не параўнаецца ў майстэрстве акцёрскай ігры з Цуранавай Янай і Сахаруком Мацвеем!

Вучаніцы 7 класа Яромка Марына і Яськова Карына прадставілі перад настаўнікамі Мінскага раёна працу “Таямніцы малой радзімы”. Гэта праца была высока ацэнена на ўзроўні рэспублікі – ёй прысуджаны дыплом за II месца ў конкурсе даследчых работ “Таямніцы малой радзімы” у намінацыі “Легенды” у рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. І вучням нашай школы, і гасцям было цікава паслухаць легенду “ПРА ДУНАЙ”. Дзяўчаты так пранікнёна змаглі данесці да слухачоў пачуццё захаплення чыстай і гаючай ракой, якая калісьці працякала за нашай вёскай. Але злосная чараўніца пакупала ў рэчцы свайго сабаку – і гаючая вада страціла свае ўласцівасці…
 
Не падвялі настаўнікаў вучні і на ўроках. У 6 “Б” класе самымі лепшымі знаўцамі беларускай мовы сябе паказалі Шчакоўская Аліна, Дылеўская Ганна, Ананіч Вольга, Кавалеўскі Сяргей, Цуранава Яна. Яны даказалі, што могуць размаўляць па-беларуску лепш за іншых. На ўроку дзеці ўзгадалі цікавыя беларускія прывітанні, якія, на жаль, рэдка сустракаюцца ў сучаснай мове.
Вітаемся раніцай:
-       Ці добра спалі, ці лёгка ўсталі?
-       Дзеткі ці гудуць, кашку ці ядуць?
Мы вітаемся з чалавекам, які працуе:
-Памажы, Божа, спору ў працы!
Калі гаспадар збірае ўраджай:
-Радзі, Божа, на лета болей за гэта.
Як звярталіся з прывітаннем да малых дзяцей?
-Як спалі, ці суха ўсталі?
Як казалі “дзякуй” малым дзецям?
-Вялікі расці!
Як адказвалі на прывітанне “Як маемся?”
-Як робім, так і маем.
Як з жартам адказвалі на запрашэнне сесці за стол?
-Дзякуй за полудзен, ні сыт, ні голадзен.
Што казалі гаспадыні, калі яна ткала кросны?
-Ляцела сарока цераз ток, што застанецца ад асновы – на ўток.
-Спех, каб наткала з мех.

   

На ўроку беларускай літаратуры ў 7 класе свае выдатнае беларускае маўленне прадэманстравалі Яромка Марына, Яськова Карына, Ціхановіч Гена, Астроўская Насця. Новік Павел расказаў цікавую гісторыю з жыцця свайго дзеда – удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Дзеду пашчасціла прыйсці з вайны жывым. Так пашчасціна далёка не многім.

       Напрыканцы хочацца сказаць шчыры дзякуй усім тым, хто не згубіў цікавасці да роднай мовы, хто не забываецца на тое, што ён – БЕЛАРУС.